Прыватнасць
Коратка і без юрыдычнага туману: што захоўваецца, хто гэта бачыць і як усё выдаліць. У самім боце гэтыя правілы заўсёды пад рукой — каманда /privacy.
Што захоўваецца
- ваш Telegram ID, імя і username — каб перадаваць паведамленні;
- вашы кантакты і подпісы да іх;
- арыгіналы паведамленняў — у зашыфраваным выглядзе, 90 дзён (для галасавых — расшыфроўка, для фота і дакументаў — подпіс; самі файлы не захоўваюцца);
- змякчаныя версіі — таксама 90 дзён;
- службовыя даныя пра паведамленні без тэксту (калі, каму, тып, вынік) — пакуль існуе ваш профіль;
- абезасобленая статыстыка выдаткаў на ШІ.
Хто што бачыць
- Суразмоўца
- Змякчаную версію. Арыгінал — толькі калі сам вырашыць яго адкрыць: па сваім паролі і пасля папярэджання. Паведамленні, адпраўленыя да з’яўлення гэтага правіла, застаюцца схаванымі.
- Вы
- Сваё паведамленне і копію таго, што атрымаў суразмоўца.
- Адміністратар
- Службовыя даныя без тэксту. Арыгінал — толькі ў выключным выпадку, і кожны прагляд запісваецца ў журнал.
- Тэхнічныя логі
- Ідэнтыфікатары, тыпы паведамленняў, час апрацоўкі. Ніякіх тэкстаў.
Як выдаліць
«⚙️ Настройки» → «🗑 Удалить мои данные», з двума пацвярджэннямі. Выдаляюцца профіль, кантакты, запрашэнні і паведамленні. Тое, што ўжо дастаўлена суразмоўцу, застаецца ў яго чаце з ботам — на гэта мы паўплываць не можам.
Як гэта ўладкавана
Шыфраванне
Арыгіналы шыфруюцца алгарытмам AES-256-GCM, у кожнага запісу — свой выпадковы вектар. Ключ захоўваецца асобна ад базы даных.
Аўтавыдаленне
Раз на гадзіну бот сцірае арыгіналы і змякчаныя версіі, старэйшыя за 90 дзён. Застаюцца толькі службовыя даныя без тэксту: калі, каму, тып, вынік.
ШІ-правайдары
Тэксты апрацоўваюцца праз OpenRouter толькі ў правайдараў, якія не захоўваюць запыты і не навучаюцца на іх. Мадэлі без такога правайдара бот не выкарыстоўвае. Серверы OpenRouter і правайдараў знаходзяцца за межамі Беларусі і Расіі.
Пароль для арыгіналаў
Пароль захоўваецца толькі ў выглядзе незваротнага хэша (scrypt). Пасля пяці няправільных спроб праверка блакуецца на 15 хвілін. Паведамленні з паролем бот адразу выдаляе з чата. Скінуць пароль можа любы, хто мае доступ да вашага Telegram: гэта абарона ад выпадковага прачытання, а не сейф.
Гэты сайт
Сайт не ставіць cookie, не падключае лічыльнікі і не загружае нічога са старонніх сервераў: шрыфты і выявы ляжаць тут жа.